Узнагароды за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўручылі работнікам галіны культуры і творчым калектывам Вiцебскай вобласці

Урачыстае мерыпрыемства адбылося ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. Салярцінскага і традыцыйна было прымеркавана да Дня работнікаў культуры.

Высока ацаніла дзейнасць работнікаў культуры Віцебшчыны начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Марына Юркевіч.

– Вы несяце святло і дабро, гармонію ўсім людзям, хто жыве на беларускай зямлі, захоўваеце культурную спадчыну. Вам велізарная падзяка за адданасць прафесіі, – звярнулася да вінаватых ва ўрачыстасці Марына Браніславаўна. – На Віцебшчыне ў гэтай галіне працуюць самыя таленавітыя і крэатыўныя людзі, і мы ганарымся вынікамі іх дзейнасці. Асобная ўдзячнасць работнікам бібліятэчнай і музейнай галіны, выкладчыкам устаноў адукацыі, выпускнікі якіх паказваюць выдатныя вынікі, папулярызуючы беларускую культуру на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Велізарная падзяка работнікам абласнога ўпраўлення культуры за іх кампетэнтнасць.

Марына Юркевіч уручыла нагрудны знак міністэрства «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» рэжысёру народнага тэатра Талачынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлане Васільевай, якая за 45 гадоў кіравання калектывам паставіла больш за 70 спектакляў, шмат з іх – на ваенную тэматыку. Грамату міністэрства атрымала загадчык музея традыцыйнай культуры Браслаўскага раённага аб'яднання музеяў Элеанора Зінкевіч. Падзякамі міністра культуры ўзнагароджаны начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага і Лепельскага райвыканкамаў Пётр Алексяёнак і Алена Барадзейка адпаведна, дырэктар Расонскага раённага Цэнтра культуры Ларыса Уласава, намеснік дырэктара Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў і кіраўнік народнага тэатра лялек «Капялюш» Полацкага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Андрэй Рэцікаў.

Лаўрэатаў вітаў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, які ўручыў прэміі аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

У намінацыі «Лепшы артыст філармоніі» прэмію аблвыканкама атрымала вакаліст Аляксандра Цыганкова-Давыдава. Як «Лепшы артыст тэатра» адзначана вядучы майстар сцэны Беларускага тэатра «Лялька» Вольга Маханькова. Актрыса працуе ў тэатры больш за 30 гадоў, сыграла дзясяткі роляў.

– Атрымаць узнагароду – гэта, безумоўна, прыемна, – адзначыла Вольга Маханькова. – Але мы працуем  не дзеля ўзнагарод. Лепшая ўдзячнасць для артыста – гэта любоў гледача, эмацыйная рэакцыя дзяцей, іскрынкі ў іх вачах.

Прэміі таксама атрымалі выбітныя бібліятэчныя, музейныя работнікі, майстры традыцыйных рамёстваў, педагогі. За педагагічныя дасягненні ўзнагароджана настаўнік Наваполацкай дзіцячай мастацкай школы імя І. Хруцкага Ірына Башун і настаўнік Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Бялусь. Лепшым музейным работнікам стала навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Аксана Журава, лепшым клубным работнікам – мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры Наваполацка Святлана Трубіна. Сярод лаўрэатаў – кіраўнік народнага клуба традыцыйнай кухні, гульні і фальклору «Стайскія прысмакі» Стайскага сельскага ДК Лепельскага раёна Вольга Шкіранда, майстар Дубровенскага раённага Дома рамёстваў Алена Капытоўская і майстар Расонскага раённага Дома рамёстваў Яўген Салаўёў.

Лепшым бібліятэчным работнікам прызнана загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова. Як лепшы арганізатар платных паслуг насельніцтву адзначаны загадчык Відзаўскага гарпасялковага Дома культуры Браслаўскага раёна Ганна Павініч і намеснік дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Станіслаў Пазюк.

Сярод узнагароджаных – выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжы імя І. Салярцінскага, супрацоўнікі абласной філамроніі

Ганаровымі гасцямі свята сталі ветэраны Нікалай Пашынскі, Ірына Козіна, Ніна Сулецкая, якія аддалі шмат сіл і ведаў для развіцця культурных традыцый Прыдзвінскага края.

Источник: https://vitvesti.by/kultura/uznagarody-za-dasiagnenn-sfery-kultury-mastatctva-ruchyl-rabotn-kam-gal-ny-kultury-tvorchym-kalektyvam-vitcebskai-voblastc.html

12