XXX Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага пройдзе ў Віцебску

XXX Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага пройдзе ў Віцебску

Традыцыйна фэст пройдзе ў Віцебскай абласной філармоніі.

З 3 па 12 снежня абласны цэнтр без перабольшання стане ўнікальным месцам для аматараў музыкі. Як адзначыла дырэктар дзяржаўнай канцэртнай установы «Віцебская абласная філармонія» Алена Падаляк, падчас культурнай падзеі дваццаты раз адбудуцца навуковыя чытанні.

Іван Іванавіч Салярцінскі пражыў кароткае жыццё, але назаўсёды ўвайшоў у спіс самых адукаваных людзей планеты. Нарадзіўся ў Віцебску ў 1902 годзе, памёр у 1944-м у Новасібірску. Славу атрымаў як музыказнаўца, музычны і тэатральны крытык, тэарэтык балета, даследаваў пытанні эстэтыкі і псіхалогіі. Ён ведаў больш за 25 моў, каля сотні дыялектаў. Іван Іванавіч сябраваў з Дзмітрыем Шастаковічам, які прысвяціў яго памяці другое фартэпіяннае трыа.

У Віцебску Салярцінскаму стаіць помнік — каля музычнага вучылішча, якое носіць яго імя.

Сёлета на першым канцэрце выступіць заслужаны артыст Расіі Барыс Беразоўскі, адзін з самых таленавітых піяністаў. Крытыкі розных краін называюць яго віртуозам. Ён выканае творы рускіх кампазітараў, у тым ліку Дзмітрыя Шастаковіча.

А падчас урачыстага закрыцця выступіць нашчадак легендарнай рускай дынастыі, лаўрэат міжнародных конкурсаў скрыпач з Францыі Франсуа Піно-Бенуа.

Як сцвярджаюць арганізатары, нават людзі «непадрыхтаваныя», вельмі далёкія ад класічнай музыкі атрымаюць асалоду на канцэртах.

Фактычна за гады правядзення фестывалю вырасла цэлае пакаленне. І хай параўнальна нямнога, але ў абласным цэнтры стала больш тых, хто разумее, што такое сапраўднае мастацтва.

Цікава, што ў праграму гарманічна «ўпішацца» і выступленне віцебскага калектыву сучаснай харэаграфіі.

Па-за фэстам «культурнае меню» філармоніі таксама вельмі багатае і насычанае сюрпрызамі.

У прыватнасці, тут праводзяць музычныя ўрокі для цяжарных і для мам з немаўлятамі. Такім чынам можна навучыцца, напрыклад, спяваць калыханку....

Вельмі папулярнымі сталі выступленні сімфанічнага аркестра філармоніі і іншых калектываў. Цікава, што выступаюць музыканты, выканаўцы і пад адкрытым небам. І штогод на гэтыя канцэрты прыходзіць усё больш людзей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фото: CБ

Источник: http://zviazda.by/be/news/20181128/1543426422-xxx-mizhnarodny-muzychny-festyval-imya-i-i-salyarcinskaga-proydze-u