Віцебская абласная філармонія ўтворана ў 1989 годзе на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі па Віцебскай вобласці. Створаная ўстанова была заклікана прапагандаваць класічную музыку, папулярызаваць нацыянальную культуру і сусветныя выканальніцкія школы.
Калектывы і салісты Віцебскай абласной філармоніі вядуць актыўную гастрольную дзейнасць на розных сцэнічных пляцоўках вобласці, рэспублікі і за яе межамі. У зале віцебскай філармоніі, будынак якой размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, на плошчы Леніна, выступаюць вядучыя калектывы і выканаўцы Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі і краін Заходняй Еўропы.
А некалі тут быў гарадскі тэатр, які адкрыўся ў 1873-74 гг. па ініцыятыве віцебскага губернатара Паўла Якаўлевіча Растоўцава на цяперашняй плошчы Леніна (у той час гэта была Смаленская базарная плошча). Будынак тэатра прызнаваўся выдатным, пра яго пісалі, што ён «можа сапернічаць з тэатрамі вялікіх гарадоў». 10 студзеня 1874 года імператар Аляксандр II зацвердзіў назву тэатра – «Растоўцаўскі». Восенню 1920 года Віцебскі гарадскі тэатр быў перайменаваны ў Губернскі паказальны тэатр.
Тэатр паспяхова дзейнічаў да 1941 года. У час Вялікай Айчыннай вайны трупа знаходзілася ў эвакуацыі ва Уральску. Вярнуўшыся ў Віцебск пасля вайны, артысты ўбачылі толькі руіны будынка тэатра, які, на жаль, абнаўленню ўжо не падлягаў. Ішоў час, і на месцы дарэвалюцыйнага гарадскога тэатра ў 1957 годзе быў пабудаваны будынак для Палаца культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва, які спраектаваў архітэктар А. Яфрэменак.
***
Праз 32 гады, 22 мая 1989 года, па рашэнні аблвыканкама на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі (існавала ў Віцебску з 1975 г.) была ўтворана Віцебская абласная філармонія. Філармонія размясцілася ў вышэйзгаданым будынку. У 2005 годзе завяршылася яго маштабная рэканструкцыя, падчас якой было прынята рашэнне захаваць стары стыль будынка – «сталінскі ампір».
З моманту ўтварэння філармоніі яе дырэктарамі былі Ірына Васільеўна Бабенка (з 1983 па 1989 гг. – гастрольна-канцэртнага бюро, з 1989 па 1997 гг. – філармоніі) і Уладзімір Пятровіч Правілаў (з 1998 па 2004 гг.). З 2004 па 2022 год калектыў філармоніі ўзначальвала Алена Міхайлаўна Падаляк. На сённяшні дзень дырэктарам філармоніі з'яўляецца Таццяна Адамаўна Савіцкая.
***
Цяпер у складзе філармоніі творчыя калектывы: сімфанічны аркестр (мастацкі кіраўнік Уладзімір Бяляўскі); актэт балалаек «Віцебскія віртуозы» (мастацкі кіраўнік, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Шафранава); ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» (мастацкі кіраўнік Аляксандр Верам'ёў). Салісты-вакалісты: Аксана Новікава, Алена Паўлянкава, Сяргей Белавусаў, Леанід Кажарскі, Джуліета Тарахчан, Аляксандра Давыдава, Аляксандр Якімчук; салісты-інструменталісты: Сяргей Цімашэнка (цымбалы), Кацярына Мельнікава (цымбалы); канцэртмайстары Таццяна Шахрай і Павел Якубчонак.
Штогод філармонія ладзіць каля тысячы канцэртаў не толькі на сваёй сцэне, але і па ўсёй вобласці і за яе межамі. Аўдыторыя – звыш 150 тысяч чалавек розных катэгорый: гарадскія і сельскія жыхары, дарослыя і дзеці ўсіх узростаў.
Новым напрамкам у дзейнасці філармоніі стала праектная дзейнасць. У 2010 годзе быў створаны і атрымаў далейшае развіццё цыкл канцэртна-пазнавальных праграм для будучых мам «Суткаць душу з нот» (аўтар Таццяна Савіцкая), адзіны ў сваім родзе ў Беларусі.
Цыкл праграм класічнай музыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту і іх бацькоў «Казкі лялькі Лялі» з'яўляецца сэнсавым працягам музычных сустрэч для будучых мам «Суткаць душу з нот». Маленькія гледачы атрымліваюць магчымасць пачуць тэмбры розных музычных інструментаў, пайграць на нескладаных шумавых і меладычных інструментах разам з музыкамі і праспяваць. Музычнае выхаванне развівае ў малым здольнасць слухаць і чуць, адчуваць, рухацца, а галоўнае – думаць. Музыка адкрывае для маленькага чалавечка свет новых вобразаў і ўражанняў.
У межах дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», мэтай якой з'яўляецца паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу і ўмацаванне інстытута сям'і, Віцебская абласная філармонія з 1 студзеня 2019 года ўвяла льготы для шматдзетных сем'яў на канцэрты з цыкла «Філармонія – дзецям».
Арганізатары канцэртаў імкнуцца ўносіць у рэпертуарную афішу філармоніі жанравую разнастайнасць, арыентуючыся на запатрабаванні і густы слухачоў розных узроставых катэгорый. Афіша ўключае ў сябе вакальныя, фартэпіянныя, камерныя, арганныя, эстрадныя канцэрты, праграмы для дзяцей.
Філармонія ў ліку іншых заснавальнікаў, пачынаючы з 1989 года, штогод праводзіць Міжнародны музычны фестываль ім. І.І. Салярцінскага. Фестываль закліканы прапагандаваць сучаснае музычнае мастацтва і класіку, пашыраць культурныя кантакты Беларусі з іншымі краінамі, адкрываць новыя і адраджаць забытыя імёны.
Цяпер Віцебская абласная філармонія мае вялікую залу на 424 і малую залу на 100 пасадачных месцаў. Зала абсталявана ўнікальнымі інструментамі – канцэртным раялем фірмы «Steinway & Sons» і духавым арганам нямецкай фірмы «Glatter – Götz».