З ГІСТОРЫІ АРГАНА GLATTER-GÖTZ

Image removed.

У Віцебскай абласной філармоніі ў 2007 годзе быў устаноўлены ўнікальны музычны інструмент – духавы арган нямецкай фірмы Glatter-Götz. Гэта другі ў Беларусі арган (пасля Беларускай дзяржаўнай філармоніі), размешчаны не ў культавай установе. Духавы арган спраектаваны па індывідуальным праекце з улікам акустычных магчымасцяў залы і архітэктурных асаблівасцяў будынка філармоніі. Адметная канструктыўная асаблівасць віцебскага аргана «Glatter-Gőtz» – гэта спалучэнне гучання французскіх познерамантычных інструментаў (арганабудаўніка А. Кавае-Коль) і нямецкага рамантычнага аргана (арганабудаўнікоў В. Заўэра і Ф. Ладэгаста). Інтаніроўку віцебскага аргана праводзіў французскі інтаніроўшчык Жан Франсуа Дзюпон.

Віцебскі арган «Glatter-Gőtz» з'яўляецца цікавым прыкладам дызайну. Арган размешчаны ў выглядзе дзвюх вежаў па краях сцэны. У адсеках-калонах знаходзяцца 3000 драўляных і металічных труб, уяўлялых сабой сплаў волава і свінцу. Для корпуса аргана, драўляных труб і пульта арганіста выкарыстана драўніна бука, дуба, бярозы, елкі. У аргане 36 рэгістраў, якія дазваляюць выконваць музыку любых стыляў і кірункаў. У пульце арганіста два мануалы (па 58 клавіш), а таксама нажная клавіятура з 30 клавіш. Паветра ў арган падаецца з двух кампрэсараў, размешчаных у аркестравай яме. Пульт арганіста абсталяваны магутным камп’ютарам, здольным запамінаць да 4000 камбінацый рэгістраў.

Image removed.

Інаўгурацыя аргана ў зале Віцебскай абласной філармоніі адбылася 6 ліпеня 2007 года ва ўрачыстай абстаноўцы і прысутнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. У ёй прынялі ўдзел Юрый Сямёнаў (Расія, Санкт-Пецярбург) і Ігар Алоўнікаў (Беларусь, Мінск). З гэтага часу віцебскі арган рэгулярна знаёміць сваіх слухачоў з шэдэўрамі сусветнай арганнай класікі разнастайных стыляў, жанраў і напрамкаў у выкананні вядомых выканаўцаў розных нацыянальных школ. Арганныя канцэрты набылі папулярнасць і сталі неад'емнай часткай культурнага жыцця горада. За сем філарманічных сезонаў на віцебскім аргане гралі вядомыя выканаўцы з Францыі, Аўстрыі, Германіі, Швецыі, ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Расіі, Беларусі – у іх ліку В.Бёніг, Э.Матц, І.Геферт (Германія), Я.Адамус, Р.Выграненка і Д.Гайдукевіч (Польшча), А.Ісакоў (Літва), Ф.Пітруа, Э.Аганесян, А.Бове (Францыя), Т.Дэксніс (Латвія), Х.Фагіус (Швецыя), А.Шмітаў, Д.Дварцоў, Д.Зарэцкі і М.Ляцюк (Расія), а таксама беларускія арганісты К.Пагарэлая, К.Шараў, В.Неўдах, І.Алоўнікаў.

З 2007 года арганныя канцэрты сталі пастаянным складальнікам праграмы Міжнароднага музычнага фестывалю ім. І. І. Салярцінскага – штогадовага прэстыжнага форуму вядомых музыкантаў, з 2010 года ўключаны ў праграму Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Выканаўцы з задавальненнем пакідаюць свае водгукі, якія прадракаюць інструменту шчаслівую будучыню і сустрэчы з цікавымі музыкамі.

«Здзіўлены, наколькі добры інструмент!.. мару, што гэты інструмент зменіць да лепшага гісторыю арганнага мастацтва Беларусі» (Расціслаў Выграненка, Польшча).

«Інструмент мае багатую гукавую палітру, прыдатную для музыкі розных стыляў, вельмі арыгінальную канструктыўную канцэпцыю» (Аляксей Шмітаў, Расія).

«…акустычны бок аргана не выклікае нараканняў…» (І. Алоўнікаў, Беларусь), «… галасы чыстыя, характэрна вызначаныя…» (Канстанцін Шароў, Беларусь).

«Арган цудоўны, яркі, гучны. Вельмі адчувальны, што патрабуе ад выканаўцы гранічнай канцэнтрацыі і дакладнасці. Граць на ім – асалода! » (Аляксандр Ісакаў, Літва).

«Гэта цудоўны арган! Велізарнае задавальненне граць на ім» (Рональд Эбрэхт, ЗША).

«Арган выдатны!.. Дзякуй арганным майстрам за дакладную працу і чысты гук» (Талівалдыс Дэксніс, Латвія).

«Граючы на аргане, я атрымаў вялікае задавальненне. Канцэпцыя незвычайная, нечакана паспяховая пры дадзенай акустыцы. Гэта было выдатнае пачуццё – сядзець «у цэнтры» аргана, і адчуваць арганную музыку з абодвух бакоў… Я не думаю, што можна было б зрабіць лепш для гэтай залы!» (Ханс Фагіус, Швецыя).

Image removed.  Image removed.  Image removed.  Image removed.

На здымку: арган Glater-gőtz у Віцебскай абласной філармоніі