gerbflaggodslavianka

 

 

Изображение удалено.

 

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

У Віцебскай абласной філармоніі тыя, хто ўпершыню прыходзяць паслухаць арган, або даўно не чуў гукі «караля інструментаў», здзіўляюцца, што выканаўцы — прывабныя дзяўчаты. Напярэдадні зімніх свят карэспандэнт «Звязды» ацаніў выкананне арганістак — Веранікі Багдановіч-Язвінскай і Кацярыны Івановай.

Не кожнаму дадзена

Дзяўчаты, канешне, ганарацца тым, што іграюць на самым вялікім інструменце ў свеце. У ВНУ, дарэчы, выкладчыкі адразу іх папярэдзілі, што не ўсе, напрыклад піяністы, могуць стаць арганістамі. У прыватнасці, як ні стараўся адзін хлопец, як кажуць пра такіх, з талентам ад Бога, ну ніяк не мог асвоіць арган. Як пажартавалі мае суразмоўніцы, так, не ўсім дадзена. Навучыцца кіраваць гіганцкім інструментам вельмі цяжка. Напрыклад, паралельна трэба іграць рукамі і нагамі. І часта прыходзіцца «круціцца» падчас выканання, як вавёрка ў коле. Напэўна, гэта і ёсць гарантыя захавання фігуры. Дзяўчаты стараюцца рэпеціраваць па дзве-тры гадзіны штодня, калі не ў філармоніі, то на «міні-аргане» ў вучылішчы. Пры гэтым, кажуць, не стамляюцца, а адпачываюць, бо арган, быццам бы сапраўдны чараўнік, дорыць шмат карыснай энергіі. Такое адчуванне, што вырастаюць крылы…

Вераніка Багдановіч-Язвінская і Кацярына Іванова

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага. Навучэнцы пры іх дапамозе асвойваюць электронны арган.

Вераніцы 27 гадоў. Яна нарадзілася ў Нясвіжы. У 2018 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

Маладая арганістка — удзельніца Акадэміі старадаўняй музыкі ў Грацы (Аўстрыя) у 2016-м і у 2018-м у Мінску, майстар-класаў Трумэра (Аўстрыя), Прайзнера (Польшча), Шмітава (Расія).

Удзельнічае ў праграмах арганнай музыкі для дзяцей у Віцебскай абласной філармоніі. Летась падрыхтавала сольную праграму «Касмічнае падарожжа: працяг».

Вераніка Багдановіч-Язвінская і Кацярына Іванова

Кацярыне 26 гадоў, яна родам з Віцебска. Скончыла тую ж сярэднюю спецыяльную ўстанову каледжа імя Салярцінскага. Таксама яна выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з'яуляецца дыпламантам XІV Адкрытага фестывалю арганнай музыкі (Гатчына — Санкт-Пецярбург), навучэнка Акадэміі старадаўняй музыкі ў Грацы (Аўстрыя), удзельніца V Міжнародных арганных асамблеі (Калінінград), майстар-класаў Трумера (Аўстрыя), Пірхонена (Фінляндыя), Зілінга (Германія), Ле Прадо (Францыя), Прайзнера (Польшча), Шмітава (Расія). Кацярына вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, брала ўдзел у шэрагу фестываляў арганнай музыкі.

Іншапланецяне пачуюць арган

Дзяўчаты маюць шмат прыхільнікаў. У прыватнасці, вельмі папулярны канцэрт арганнай музыкі «Касмічнае падарожжа» для дзяцей і падлеткаў. Ён стаў цудоўным падарункам не толькі для іх, але і для дарослых. Музыка, у тым ліку з папулярных фільмаў пра пакарэнне нябёсаў, цікавыя падсветка ў зале і на сцэне, паказ кінафрагментаў нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Дарэчы, музыка самага вядомага кампазітара арганнай музыкі, Баха, была запушчана ў космас. Яна запісана на славутым залатым дыску, які адправіўся ў бясконцае вандраванне паміж зоркамі на касмічным апараце «Вояджэр». Такім чынам, арган — адна з візітных картак нашай планеты.

Спецыяльная музычна-пазнавальная праграма канцэртаў «У гасцях у караля» знаёміць з гісторыяй паходжання, прыладай і тэхнічнымі магчымасцямі самага грандыёзнага і велічнага з усіх музычных інструментаў — аргана. Вядучая канцэрта ў займальнай форме расказвае ўсю гісторыю арганнай музыкі ад яе вытокаў і да нашых дзён. І, вядома, юныя слухачы маюць магчымасць атрымаць асалоду ад чароўных гукаў гэтага караля музычных інструментаў. У зале Віцебскай абласной філармоніі, акрамя Баха, гучыць музыка Букстэхудэ, Шуберта і іншых кампазітараў. Выканаўцы дэманструюць асаблівую прыгажосць, моц і багацце гучання аргана.

У Віцебскай абласной філармоніі ў 2007 годзе быў устаноўлены па-сапраўднаму ўнікальны музычны інструмент — духавы арган нямецкай фірмы Glatter-Gotz. Гэта другі ў Беларусі інструмент (пасля Беларускай дзяржаўнай філармоніі), размешчаны не ў культавай установе. Духавы арган спраектаваны па індывідуальным праекце з улікам акустычных магчымасцяў залы і архітэктурных асаблівасцяў будынка філармоніі. Адметная канструкцыйная асаблівасць віцебскага аргана Glatter-Gotz — гэта спалучэнне гучання французскіх познерамантычных інструментаў і нямецкага рамантычнага аргана. Так званую інтаніроўку (настройку) праводзіў французскі майстар Жан Франсуа Дзюпон.

Зоркі былі ў захапленні

Вядомыя арганісты свету, якія выступалі ў філармоніі, адзначылі, што віцебскі арган з'яўляецца цікавы паводле свайго дызайну. Ён размешчаны ў выглядзе дзвюх вежаў па краях сцэны. У адсеках-калонах знаходзіцца 3000 (!) драўляных і металічных труб, якія ўяўляюць сабой сплаў волава і свінцу. Для корпуса аргана, драўляных труб і пульта арганіста выкарыстана драўніна буку, дубу, бярозы, елкі. У аргане 36 рэгістраў, што дазваляе выконваць музыку любых стыляў і кірункаў. У пульце арганіста два мануалы (па 58 клавіш), а таксама нажная клавіятура з 30 клавіш. Паветра ў арган падаецца з двух кампрэсараў, размешчаных у аркестравай яме. Пульт арганіста абсталяваны магутным камп'ютарам, здольным запамінаць да 4000 камбінацый рэгістраў.

Адкрыццё аргана ў зале Віцебскай абласной філармоніі адбылося 6 ліпеня 2007 года ва ўрачыстай абстаноўцы і прысутнасці кіраўніка дзяржавы. З гэтага часу віцебскі арган рэгулярна знаёміць сваіх слухачоў з шэдэўрамі сусветнай арганнай класікі розных стыляў, жанраў і кірункаў у выкананні вядомых выканаўцаў розных нацыянальных школ. Арганныя канцэрты набылі папулярнасць і сталі неад'емнай часткай культурнага жыцця горада.

На віцебскім аргане ігралі вядомыя выканаўцы з Францыі, Аўстрыі, Германіі, Швецыі, ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Расіі, Беларусі. «Гэта дзівосны арган! Велізарнае задавальненне працаваць з ім», — падзяліўся ўражаннямі Рональд Эбрэхт з ЗША. «Арган выдатны, яркі, гучны. Вельмі адчувальны, што патрабуе ад выканаўцы гранічнай канцэнтрацыі і дакладнасці. Граць на ім — асалода!» — заўважыў Аляксандр Ісакаў з Літвы. «Іграючы на аргане, я атрымаў велізарнае задавальненне. Канцэпцыя незвычайная, нечакана паспяховая пры дадзенай акустыцы. Гэта было выдатнае пачуццё — сядзець «у цэнтры» аргана і адчуваць арганную музыку з абодвух бакоў... Я не ўяўляю, што лепшае можна было б зрабіць для гэтай залы!» — канстатаваў Ханс Фагіус са Швецыі.

«Здзіўлены, наколькі гэта добры інструмент! Мару, што ён зменіць да лепшага гісторыю арганнага мастацтва Беларусі!» — вельмі эмацыянальна выказаўся Расціслаў Выграненка з Польшчы.

Пра музычную тэрапію чулі многія. Мае чароўныя суразмоўніцы ўпэўненыя, што музыка Баха і душу лечыць, і целу дапамагае аднавіць сілы. Нездарма ў філармоніі раяць паслухаць арган цяжарным. Віцябляне, дарэчы, у гэтым былі першапраходцамі ў краіне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва гераінь публікацыі

https://zviazda.by/be/news/20210125/1611576854-blandzinki-za-shpilcisham-karespandent-zvyazdy-zazirnuu-uglyb-argana