gerbflaggodslavianka

 

 

Изображение удалено.

 

Цяжарным па кансультацыю — у філармонію!

Тут сярод іншага навучаць... візуалізаваць шчасце.

Адзінаму ў краіне праекту «Саткаць душу з нот» для цяжарных Віцебскай абласной філармоніі спаўняецца 10 гадоў. І зноў чакаюць жанчын на цыкл канцэртна-пазнавальных праграм для будучых мам.

Навукоўцы даказалі, што класічная музыка выклікае ў цяжарнай станоўчыя эмоцыі. У яе ўзнікаюць пачуцці абароненасці і гармоніі. Шэдэўры класікі таксама ўздзейнічаюць на фарміраванне разумовых здольнасцяў і псіхікі будучага дзіцяці.

Праект распрацаваны лектарам-музыказнаўцам Таццянай Савіцкай і ажыццяўляецца пры партнёрскай падтрымцы ўстаноў аховы здароўя. Бясплатна кансультуюць проста ў філармоніі гінеколагі, дыетолагі, псіхолагі, эндакрынолагі і іншыя вузкія спецыялісты.

— Усе дзевяць гадоў мы рыхтавалі новыя праграмы, падбіралі карысныя ўзоры класічнай музыкі для будучых мам. Запрошаныя спецыялісты, якія наведвалі сустрэчы, дзяліліся каштоўнай інфармацыяй з нашымі слухачкамі і адказвалі на актуальныя пытанні: «Чаго чакаць, калі чакаеш дзіцяці?», «Што адбываецца з жанчынай падчас цяжарнасці?», «Ці ёсць жыццё пасля родаў?» і г. д., — расказвае аўтар праекта.

Юбілейны сезон для цяжарных стартуе 19 кастрычніка. Запрашаюць будучых мам і іх блізкіх на арганны канцэрт у вялікай зале філармоніі. Усіх дам чакае прыемны сюрпрыз ад спонсара праекта крамы для цяжарных, а таксама ёсць магчымасць выйграць падарунак.

У новым сезоне дамам прапануюць сярод іншага арт-тэрапію ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, будзе экскурсія ў Мастацкі музей, іншыя цікавыя мерапрыемствы.

— Цяжарнасць — не падстава сядзець дома! Наадварот, гэта — перыяд жыцця, калі будучая мама можа прысвяціць час сабе і нарэшце наведаць аб'екты арт-прасторы нашага горада, а ў дадатку атрымаць асалоду ад класічнай музыкі, — лічыць Таццяна Савіцкая.

У філармоніі прапануюць слухачкам і музычны пікнік, навучаць думаць аб добрым пад добрую музыку для візуалізацыі шчасця.

Будучыя мамы ўбачаць калекцыю адзення для цяжарных ад Народнага тэатра мод «Стыль». Кансультаваць па пытаннях моды будзе вядомы віцебскі стыліст Наталля Домкіна. Яна раскажа аб тым, як выглядаць стыльна без ўдару па кашальку.

У ліку іншых самых цікавых прапаноў — «Жывая бібліятэка». Цяжарныя пачуюць гісторыі віцебскіх мам аб самым складаным і цудоўным перыядзе іх жыцця. Мамы раскажуць аб сваім вопыце, а прыгожая музыка падорыць выдатны настрой.

Вельмі папулярны і цыкл праграм класічнай музыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту і іх бацькоў «Казкі лялькі Лялі». Ён з'яўляецца працягам музычных сустрэч для мам. Цікаўная Ляля будзе знаёміць малых з новымі музычнымі інструментамі. Удзельнікі ансамбля «Талака» дадуць ёй ударныя інструменты ў самым шырокім дыяпазоне: бубен, бразготкі, тамбурын... Маленькія гледачы атрымаюць магчымасць пачуць тэмбры розных музычных інструментаў, пайграць на нескладаных шумавых і меладычных інструментах разам з музыкантамі, праспяваць. Музычнае выхаванне развівае ў малышоў здольнасць слухаць і чуць, адчуваць, рухацца, а галоўнае — думаць. Музыка адкрые для маленькага чалавечка свет новых вобразаў і ўражанняў.

Слова «філармонія» сёння не асацыюецца з нейкім сумным месцам, куды не захочацца зноў. Наадварот: прыходзяць і прыводзяць сваякоў і сяброў і да музыкі з вялікай літары прывучаюцца літаральна яшчэ да нараджэння.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Источник http://zviazda.by/be/news/20191004/1570197932-cyazharnym-pa-kansultacyyu-u-filarmoniyu