gerbflaggodslavianka

 

 

Изображение удалено.

 

Музычная гравітацыя

Першы месяц зімы ў Віцебску традыцыйна пройдзе пад гукі класічнай музыкі. Міжнародны музычны фестываль імя І.Салярцінскага ўжо ў 31-шы раз запрашае ўсіх прыхільнікаў мастацтва. Знакавая падзея, што стварае культурны імідж горада, адбудзецца з 3 па 18 снежня ў зале Віцебскай абласной філармоніі.

Насычаным будзе ўжо самы першы фестывальны дзень. Адкрые форум струнны квартэт “Акадэмія камернай музыкі”. Гісторыя ансамбля вядзе адлік з 2012 года, калі вядучыя артысты аркестра MusicAeterna аб’ядналіся з мэтай стварэння “калектыва ў калектыве”. Ансамбль з поспехам выступае на прэстыжных канцэртных пляцоўках, сярод якіх лонданскі Уігмор-хол і Берлінская філармонія.

За гадзіну да пачатку гэтага канцэрта ў фае адкрыецца выстава плаката студэнтаў кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дадзены праект праводзіцца ў рамках фестывалю ўжо ў чацвёрты раз, дазваляючы маладому пакаленню мастакоў ствараць унікальныя працы, натхнёныя акадэмічнай музыкай розных эпох. Выстава “Гульня ў класіку. Гравітацыя” ўсталюе прыцягненне паміж музыкай і сучасным візуальным мастацтвам. Убачыць “музыку ў колеры” можна да 11 снежня.

Традыцыйным стала на фестывалі выступленне выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа, які таксама носіць імя нашага славутага земляка — музыказнаўцы Івана Салярцінскага. Уваход на гэты канцэрт, які адбудзецца ў зале навучальнай установы за некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця фестывалю, вольны.

Сярод іншых разыначак свята — беларуская прэм’ера “Імшы з Буэнас-Айрэса” аргенцінскага кампазітара Марціна Палмера. Аўтар, натхнёны музыкай Астара П’яцолы, злучыў традыцыйнае каталіцкае богаслужэнне са стылістычнымі асаблівасцямі новага танга і ў поўнай меры выкарыстаў свае прафесійныя навыкі хормайстра і аранжыроўшчыка. На прэм’еры ён выканае партыю фартэпіяна. Сярод салістаў, якія далучацца да хору і аркестра, будзе і Андрэй Сівакоў, які іграе на банданеоне.

Прыедзе і заўсёдны ўдзельнік фестывалю — ансамбль салістаў “Класік-Авангард” з новай праграмай “Гія Канчэлі. Партрэт з сябрамі”. У якасці “сяброў” будуць творы Арва Пярта, Валянціна Сільвестрава, Альфрэда Шнітке.

Закрыццём фестывалю стане канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, з якім сыграе знаны беларускі піяніст, лаўрэат найскладанага Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага Андрэй Паначэўны, які апошнім часам жыве і працуе ў Амерыцы. Дарэчы, на сцэне Віцебскай філармоніі Першы фартэпіянны канцэрт П. Чайкоўскага прагучыць упершыню. А колькі іншых цікавых вечароў вас чакае!

Вікторыя АВІК

Источник: http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16683