Ансамбль танца музыкі і песні «Талака» у Віцебскай абласной філармоніі прапанаваў гледачам цікавы экскурс у мінулае. Музыканты, танцоры і выканаўцы песняў здзіўлялі гледачоў больш за гадзіну.
Паганскія абрады, сплеценыя з хрысціянскімі традыцыямі, ярка і вобразна раскрываюць дух беларусаў. Выступленні «Талакі» ўжо сталі адной з візітовак культуры не толькі Прыдзвінскага краю, але і ўсёй краіны.
Цудоўныя касцюмы і дэкарацыі, народныя гульні і аўтарская музыка, навеяная фальклорнымі матывамі... Гэты цуд мастацтва нікога не пакідае раўнадушнымі. На сцэне філармоніі разгарнулася сапраўднае зімовае этнаграфічнае свята.
«Талака» радуе публіку, пачынаючы з 1993 года, калі харэограф Мікалай Падаляк сабраў у філармоніі калектыў аднадумцаў, якіх аб’ядноўвала любоў да беларускага фальклору.
І з таго часу ансамбль знаёміць слухачоў з лепшымі ўзорамі і малавядомымі жамчужынамі музычнай спадчыны Беларусі, надаючы ім арыгінальнасць і непаўторнае гучанне.
У аснове харэаграфічнай праграмы ансамбля — народна-сцэнічныя танцы рэгіёнаў Беларусі, розныя па сваім традыцыям, малюнку, манеры выканання, каларыту касцюмаў («Бабылі», «Кола», «Закаблукі», «Баравенічкі» і многія іншыя).
У рэпертуары інструментальнай групы — агульнабеларускі і рэгіянальны фальклор, музыка народаў свету: руская, украінская, цыганская, іспанская.
Мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Падаляк і іншыя «талакоўцы» шмат разоў знаёмілі жыхароў іншых краін з беларускай культурай.
Калектыву апладзіравалі ў Германіі, Польшчы, Іспаніі, Партугаліі, Андоры, Францыі, Балгарыі, Малдове, Літве, Латвіі, Расіі.
Ансамбль быў прызнаны годным прадстаўляць рэгіён на Сусветнай выставе «ЭКСПА — 2015»... У 2016 годзе віцебскія артысты выступілі ў Парыжы і Ліёне. А ў 2017-м было гастрольнае турнэ па Іспаніі, якое доўжылася больш за месяц.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара