Сапрана
Магістр мастацтвазнаўства
Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага (1996) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2001), магістратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Алена Паўлянкова працуе ў Віцебскай абласной філармоніі з лютага 2009 года.
Вакалістка валодае лірычным сапрана, лёгкім, палётным голасам бліскучага тэмбру. Галасавыя даныя дазваляюць артыстцы паспяхова выконваць творы класікаў, кампазітараў савецкай эпохі і сучасных аўтараў.
У творчай скарбонцы Алены Паўлянковай – сольныя праграмы: дэбютны канцэрт, прысвечаны Дню Святога Валянціна (2010), канцэрты «Каханне, і песня, і вясна» (2011), «Гэта было вясной» (2013), «Пад небам Парыжа» (2015). У лютым 2019 года адбыўся сольны канцэрт «Маналог жанчыны», прысвечаны дзесяцігоддзю творчай дзейнасці артысткі. Акрамя сольных праграм, спявачка часта выступае ў тандэме з Аксанай Новікавай. Рэзультатам іх творчага саюза сталі такія праграмы, як «Раманс з…», «Пачуцці добрыя я лірай абуджаў», «Ах, гэты вечар».
Алена Паўлянкова рэгулярна выступае ў тэматычных канцэртах-прысвячэннях. Найвялікшую папулярнасць сярод іх набылі вечар памяці Ганны Герман і Валянціны Талкуновай «Вы ўспомніце мяне калі-небудзь…», эстрадны канцэрт памяці Людмілы Гурчанкі «5 хвілін даўжынёю ў жыццё» і канцэрт у гонар прымадоны савецкай і расійскай эстрады Алы Пугачовай «Жанчына, якая спявае».
Дзякуючы свайму абаянню і артыстызму Алена Паўлянкова вельмі запатрабаваная ў праграмах для дзяцей. Спявачка бярэ ўдзел у многіх дзіцячых пастаноўках: «Гісторыі ката Філафея», «Прыгоды Віні-пуха і яго сяброў», «Залатое кураня», а таксама штогадовых навагодніх казках.
Спявачка – пастаянная ўдзельніца праекта для будучых мам «Выткаць душу з нот», супрацоўнічае з актэтам балалаек «Віцебскія віртуозы», а таксама прымае ўдзел у канцэртах арганнай і сімфанічнай музыкі.
У лістападзе 2020 года Алена Паўлянкова стала лаўрэатам III ступені Міжнароднага вакальнага конкурса імя М.К. Ценішавай
У 2021 годзе адбыліся сольныя канцэрты «Не запальваючы агню», сумесны сольны канцэрт з Таццянай Моўляй «Падарожжа ў Парыж», а таксама на працягу года актыўна супрацоўнічала з актэтам балалаек «Віцебскія віртуозы».