У 1993 годзе харэограф Мікалай Падаляк сабраў у Віцебскай абласной філармоніі калектыў аднадумцаў, якіх аб’ядноўвала любоў да нацыянальнага беларускага фальклору. Ансамбль танца, музыкі і песні атрымаў назву «Талака» – па аналогіі са старадаўняй традыцыяй «гуртам», «талакой» выконваць самую важную і цяжкую працу.
Ансамбль знаёміць слухачоў з найлепшымі ўзорамі і малавядомымі «перлінамі» музычнай спадчыны Беларусі, надаючы ім арыгінальнасць і непаўторнае гучанне.
У складзе ансамбля – танцавальная, вакальная і інструментальная групы. Мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь – Мікалай Падаляк, музычны кіраўнік – Вольга Сіўцова, хормайстар – Валерый Бруйко, рэпетытар па балеце – Аляксандр Верам’ёў.
У аснове харэаграфічнай праграмы ансамбля – народна-сцэнічныя танцы рэгіёнаў Беларусі, розныя па сваіх традыцыях, малюнку, манеры выканання, каларыце касцюмаў («Бабылі», «Кола», «Закаблукі», «Баравенічкі» і многія іншыя). У рэпертуары інструментальнай групы – агульнабеларускі і рэгіянальны фальклор, музыка народаў свету (руская, украінская, цыганская, іспанская). Песенны рэпертуар прадстаўлены беларускімі народнымі напевамі віцебскага рэгіёну ў традыцыйным распеве, прафесійнымі апрацоўкамі народных песен Н.Сіроты, А.Рашчынскага, М.Дрынеўскага, А.Кашпура, творамі І.Лучанка, Л.Захлеўнага і інш.
Большасць пастановак ажыццяўляе Мікалай Падаляк. Уласныя харэаграфічныя пастаноўкі робіць і Аляксандр Верам’ёў. Праяўляе сябе як кампазітар Вольга Сіўцова – яна піша музыку для аркестравай групы ансамбля.
«Талака» з нязменным поспехам выступае як на маленькіх сельскіх пляцоўках, так і ў самых прэстыжных залах рэспублікі, за мяжой. Калектыву апладзіравалі ў Германіі, Польшчы, Іспаніі, Партугаліі, Андоры, Францыі, Балгарыі, Малдове, Літве, Латвіі, Расіі. У XXVI канцэртным сезоне ансамбль быў удастоены гонару прадстаўляць рэгіён на Сусветнай выставе ЭКСПА – 2015, а таксама ўдзельнічаў у Дні беларускай культуры ў Латвіі (Рэзэкнэ). У 2016 годзе віцебскія артысты выступілі ў Парыжы і Ліёне, прадставіўшы мясцовай публіцы вакальныя, харэаграфічныя і інструментальныя нумары са свайго рэпертуару, багатага традыцыямі нацыянальнага музычнага мастацтва. А ў 2017 ансамбль здзейсніў гастрольнае турнэ па Іспаніі, якое працягвалася больш за месяц. Артысты паспелі наведаць Кастылію, Ліён, Каталонію, Валенсію і іншыя рэгіёны краіны.
Выступленні ансамбля «Талака» выклікаюць вялікі эмацыйны водгук слухачоў. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, якое ўключае ў сябе віртуознасць, ансамблевую зладжанасць, энергетыку артыстаў, якія ўвасаблялі на сцэне творчы пасыл балетмайстра, – усё гэта дазволіла «Талацэ» заняць годнае месца ў шэрагу прафесійных калектываў Беларусі.
Мастацкі кіраўнік – Аляксандр Верам’ёў
Кантакты:
e-mail: talaka-vitebsk@mail.ru