gerbflaggodslavianka

 

 

Image removed.

 

Сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі

0

 

100 гадоў таму ў Віцебску з'явіўся першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі сімфанічны аркестр. Калектыў быў арганізаваны пры першай у рэспубліцы Віцебскай народнай кансерваторыі. Стваральнікам і кіраўніком аркестра быў выбітны пецярбургскі музыка Мікалай Малько. 18 лістапада 1918 г. адбылося прэм'ернае выступленне калектыву. Сведчаннем запатрабаванасці сімфанічнай музыкі ў паслярэвалюцыйным Віцебску стаў той факт, што на працягу трох гадоў свайго існавання аркестр сыграў звыш трохсот канцэртаў.

У 2012 годзе на базе Віцебскай абласной філармоніі быў нанова створаны сімфанічны аркестр. Дату 19 чэрвеня можна лічыць другім днём нараджэння віцебскага сімфанічнага аркестра. Дэбютны канцэрт калектыву адбыўся пад кіраўніцтвам Уладзіміра Бяляўскага.

У рэпертуары сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі творы розных жанраў і стыляў. У выкананых праграмах шырока прадстаўлены папулярныя сімфанічныя творы XIX – XX стст. Калектыў пастаянна працуе над пашырэннем рэпертуару. Усё часцей у канцэртных праграмах аркестра гучаць творы ў стылі джаз, джаз-рок, а таксама сімфа-джаз і сімфа-рок. У рэпертуары прысутнічаюць творы сучасных аўтараў, наладжана супрацоўніцтва з кампазітарам Яўгенам Магаліфам (Беларусь-ЗША).

Выступленні сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі карыстаюцца нязменным поспехам у публікі. Асабліва запатрабаваныя традыцыйныя летнія канцэрты закрыцця філарманічнага сезона ў фармаце open-air.

0