Акампаніятар-канцэртмайстар, вядоўца
Выпускніца Віцебскага музычнага вучылішча і музычна-педагагічнага аддзялення Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (зараз – БДПУ імя М.Танка). З 1993 года вядзе актыўную канцэртную дзейнасць як акампаніятар-канцэртмайстар філармоніі.
Таццяна Шахрай супрацоўнічала з вядучымі салістамі філармоніі – Л.Кажарскім, Т.Белавусавай, Н.Баліч, Н.Латышавай, У.Бабікавым, Е.Паўленковай, С.Белавусавым, А.Новікавай. Падрыхтавала некалькі дзясяткаў канцэртных праграм: «Ад Севільі да Гранады», «Пад сонечным небам Італіі», «Пачуцці добрыя я лірай абуджаў» (па творах А.С. Пушкіна), «Знаёмы ваш, Сяргей Ясенін», «Раман з…», «Пад небам Парыжа», «О, калі б мог выразіць у гуку», «Around the world», «Ах, гэты вечар» і многія іншыя.
Акрамя выступленняў для дарослай публікі, Таццяна актыўна прымае ўдзел у музычных пастаноўках філармоніі для дзяцей, такіх як «Віні-Пух і яго сябры», «Сакрэтная місія: музычна-шпіёнскае расследаванне», «Гісторыя ката Філафея», «Залатое кураня».
Асноўную працу Таццяна Шахрай сумяшчае з дзейнасцю вядоўцы. Канцэртныя выступленні з яе ўдзелам адрозніваюцца глыбокім пранікненнем у мастацкі свет твораў, якія выконваюцца, і тонкім пачуццём стылю.
За сваю працу канцэртмайстар Таццяна Шахрай у 2003 годзе была ўдастоена дзяржаўнай стыпендыі дзеячаў культуры і мастацтва. Мае дзяржаўныя ўзнагароды: прэмія ў намінацыі «За распрацоўку канцэртных праграм на высокім мастацкім узроўні» (2000), прэмія «Найлепшы артыст філармоніі» (2011) за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.
У кастрычніку 2019 года піяністка разам з калегамі падрыхтавала канцэрт «Таццяна Шахрай: жыццё за раялем», прысвечаны 25-годдзю яе творчай дзейнасці.
Імя канцэртмайстра Таццяны Шахрай для музычнай грамадскасці Віцебска без перабольшвання стала знакам акадэмічнай якасці, сімвалам глыбокіх ведаў, творчага гарэння і сталай прыгажосці.
У лістападзе 2020 Таццяна Шахрай на II Міжнародным вакальным конкурсе імя М.К. Ценішавай (Расія, г. Смаленск) удастоена спецыяльнага дыплома «Найлепшы канцэртмайстар».