ЦЫКЛ КАНЦЭРТНА-ПАЗНАВАЎЧЫХ ПРАГРАМ ДЛЯ БУДУЧЫХ МАМ «СУТКАЦЬ ДУШУ З НОТ»

Адзіны ў краіне праект «Саткаць душу з нот» уяўляе сабой цыкл канцэртна-пазнаваўчых праграм для будучых мам, на якіх маладыя жанчыны дакранаюцца да высокіх узораў музычнай класікі, да станоўчай энергетыкі жывога музычнага выканання. Праект распрацаваны лектарам-музыказнаўцам Таццянай Савіцкай і праходзіць пры партнёрскай падтрымцы ўстаноў аховы здароўя Віцебска.

Сучасная навука раіць музычнае выхаванне дзяцей усім мамам, нават калі яны не плануюць сваім малым будучыню, звязаную з музыкай. Класічная музыка выклікае ў цяжарнай станоўчыя эмоцыі, пачуццё абароненасці і гармоніі, а таксама ўздзейнічае на фармаванне разумовых здольнасцяў і псіхікі малога.

У 2019 годзе праекту споўнілася 10 гадоў. Увесь гэты час мы рыхтавалі новыя праграмы, збіралі карысныя ўзоры класічнай музыкі для будучых мам нашага горада. Запрошаныя спецыялісты, якія наведвалі сустрэчы, дзяліліся каштоўнымі ведамі і досведам з нашымі слухачкамі і адказвалі на актуальныя пытанні: «чаго чакаць, калі чакаеш дзіця?», «што адбываецца з жанчынай падчас цяжарнасці?», «ці ёсць жыццё пасла родаў?» і г.д.

З юбілейнага сезона мы запусцілі сістэму кнігаабмену «BookCrossing для мам» па тэмах «Цяжарнасць і роды», «Выхаванне дзяцей», «Літаратура для малых». Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы бібліятэкам імя У.І. Леніна і імя Янкі Маўра, а таксама ініцыятыўнай групы «Лінія жыцця». На музычных сустрэчах для будучых мам вы зможаце знайсці карысную для сябе кнігу або падзяліцца пазнавальнымі экзэмплярамі з вашай дамашняй бібліятэкі.

У кожным сезоне філармонія адчыняе дзверы для будучых мам. Вас чакае класічная музыка, цікавыя спецыялісты, новыя лакацыі і сюрпрызы ад партнёра і спонсара праекта магазіна для цяжарных NEWFORM.